Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

105 гадоў таму ў вёсцы Карма Добрушскага раёна нарадзіўся Іван Пятровіч Шамякін

30.01.2026

Наш зямляк, народны пісьменнік Беларусі, патрыёт роднай зямлі Іван Шамякін сваімі апавяданнямі, аповесцямі, раманамі, гераінямі якіх былі самыя розныя жанчыны, міжволі сцвярджаў: тэма жанчыны – каханай, жонкі, маці, бабулі – самая святая і патрыятычная.

c женой и внучкой Марией.jpg
Іван Шамякін з жонкай Марыяй Філатаўнай і ўнучкай

Маладосць Івана Пятровіча супала з гадамі суровых выпрабаванняў Вялікай Айчыннай вайны. Будучы пісьменнік ужо ў 1941-м на фронце, літаральна праз год пасля шлюбу з Марыяй Кротавай, несучы ў сэрцы сваё каханне, бачыць пакуты, гібель дзяўчат, жанчын пад Мурманскам… З іх постацей, з іх рыс характараў паступова і вырастае ў шамякінскай прозе шчыры, некрыклівы вобраз Радзімы.

Марыя Кротава, Марыя Філатаўна… Іван Пятровіч неаднаразова падкрэсліваў, як важны для творцы надзейны сямейны тыл, шчыра радаваўся, што побач з ім яна, адзіная, абраная раз і назаўсёды. 58 гадоў годна, прыгожа пражытага разам… Чытаеш аповесць «Слаўся, Марыя!», напісаную Шамякіным у 1998 годзе, і адчуваеш, што гэта сапраўды і гімн каханню, і рэквіем развітання з любай, з дарадчыцай-музай, маці дзяцей.

Пісьменнік заўсёды з асаб­лівым замілаваннем, шчырасцю дзяліўся пра першыя свае спатканні з Марыяй, пазначаныя каардынатамі нашага Гомеля: даваенны медтэхнікум, кіно ў клубе чыгуначнікаў каля вакзала, вуліца Астроўскага, дзе паўтара гады кватаравала дзяўчына… Менавіта ў час гэтай акрылёнасці каханнем, у 1936-м, Іван Шамякін, навучэнец тэхнікума будаўнічых матэрыялаў, пісаў вершы, наведваў літаб’яднанне пры «Гомельскай праўдзе», якім кіраваў Леанід Яўменаў. У рэдакцыі абласной газеты будучы пісьменнік адчуў і аднагалосную падтрымку сваіх першых празаічных спроб – апавяданняў. Вось як пра гэта пісаў сам Іван Шамякін: «…Каханне наша памагло мне стаць пісьменнікам. У тую ж зіму я напісаў апавяданне пра фельдшарыцу, якая ў дождж ці снег ідзе ў далёкую леснічоўку, каб прыняць у леснічыхі роды, першыя ў сваёй практыцы. Прынімае і вельмі радуецца нараджэнню чалавека (уплыў апавядання Горкага) і свайму ўменню. Да гэтага я пісаў вершы».

Нездарма і ў пасляваенны час Іван Пятровіч Шамякін даверыў рэдакцыйнаму калектыву «Гомельскай праўды», газеты, якая падтрымлівала творцаў у складанейшыя моманты жыцця ганарарамі, друкаваць урыўкі з «Трывожнага шчасця»…

Многіх сваіх гераінь празаік Іван Шамякін выводзіў з асобы сваёй любай Марыі Філатаўны, адзначаў, што найбольш набліжана да яе Саша Траянава з пенталогіі «Трывожнае шчасце». Сябра класіка, паэт Мікола Мятліцкі, у бытнасць рэдактарам часопіса «Полымя», адзначаў аповесць «Слаўся, Марыя!» як заключную частку рамана.

Сёлетні 2026 год аб’яўлены ў нашай краіне Годам беларускай жанчыны. З гордасцю думаецца пра тое, што народныя пісьмен­нікі Беларусі, ураджэнцы Гомельшчыны, сярод якіх Іван Пятровіч Шамякін, стварылі сапраўды высокамастацкія літаратурныя помнікі Жанчыне.



Источник: https://gp.by
© Правда Гомель
© Галоўнае ўпраўленне культуры гомельскага аблвыканкама, 2026.