Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Лепшых работнікаў культуры ўзнагародзілі ў Купалаўскім тэатры

14.10.2025
Лепшых работнікаў культуры ўзнагародзілі ў Купалаўскім тэатры
Лепшых работнікаў культуры ўзнагародзілі ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Цырымонія ўзнагароджвання была прымеркавана да Дня работнікаў культуры, які адбыўся ў нядзелю. Міністр культуры Руслан Чарнецкі падкрэсліў, што менавіта дзякуючы працы і намаганням работнікаў культуры мы маем цудоўную магчымасць пры падтрымцы дзяржавы захоўваць, прымнажаць і аднаўляць нашы народныя рамёствы, абрады і святы, захоўваць культурныя каштоўнасці, якія нам пакінулі продкі. У нас ёсць магчымасць удасканальваць бібліятэчную сістэму, рабіць яе больш даступнай для людзей, паляпшаць экспазіцыі ў музеях, ставіць цудоўныя тэатральныя і канцэртныя пастаноўкі, пісаць выдатныя песні і вершы, ствараць творы жывапісу і скульптуры.

На яго думку, гэта дапамагае паказваць, наколькі беларусы шчодрыя, сумленныя, справядлівыя, добрыя, працавітыя і таленавітыя людзі. "Я не раз быў сведкам, як захапляюцца нашымі дзеячамі мастацтва госці з блізкага і далёкага замежжа. Дзякуй вам вялікі за тое, што вы сваім мастацтвам і працай праслаўляеце нашу краіну і даяце нам, беларусам, магчымасць ганарыцца нашай культурай", - звярнуўся Руслан Чарнецкі да ўдзельнікаў мерапрыемства.

Ён таксама павіншаваў ветэранаў, якія стаялі ля вытокаў сучаснай беларускай культуры і рабілі ўсё для яе развіцця. "Я добра ведаю, што гэта такое - падрыхтавацца, выйсці на сцэну і дарыць сваё мастацтва гледачу, дзеля якога мы ўсё гэта і робім. Я ведаю, наколькі гэта складаная, часам нават непрадказальная праца, таму жадаю вам здароўя, сіл і бясконцага натхнення", - рэзюмаваў Руслан Чарнецкі.

Дырэктар Палаца культуры Маладзечна Таццяна Цагалка прызналася, што іх калектыву вельмі прыемна і ганарова атрымаць такую ўзнагароду, і яна дакладна будзе матываваць іх рухацца наперад. "Той аб'ём мерапрыемстваў і энтузіязм, з якім працуе калектыў, заслугоўвае ўзнагароды, заахвочвання і прызнання. Гэта ўзнагарода будзе рухаць калектыў да новых цікавых і яркіх праектаў", - сказала Таццяна Цагалка.

Дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы "Культура і мастацтва" Наталля Кузняцова дадала, што за ўзнагародай стаіць карпатлівая праца журналістаў і фотакарэспандэнтаў, якія дзень пры дні стараюцца быць моцнай камандай, бо шмат у чым менавіта ад зладжанасці калектыву залежыць вынік іх работы.-0-
© Галоўнае ўпраўленне культуры гомельскага аблвыканкама, 2025.