Мініфарм: больш за 8 тыс. кніг штогод выдаецца ў Беларусі
07.09.2025
Больш за 8 тыс. кніг штогод выдаецца ў Беларусі. Такія даныя прывёў міністр інфармацыі Марат Маркаў перад уручэннем нацыянальнай літаратурнай прэміі ў Лідзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.Кіраўнік ведамства цёпла вітаў лаўрэатаў і гасцей Дня беларускага пісьменства. Ён адзначыў сімвалічнасць моманту, паколькі 10 гадоў таму менавіта на гродзенскай зямлі, у Шчучыне, былі ўручаны першыя прэміі."Кнігі заўсёды былі для нас важным сродкам выхавання асобы, захавання традыцый і духоўных каштоўнасцей. Пісьмовае слова прайшло вялікі гістарычны шлях: ад рукапіснага да друкаванага. А проза і паэзія беларускіх класікаў - Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Кандрата Крапівы, Івана Шамякіна, Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча - і цяпер з'яўляецца крыніцай гонару. У нашы дні мы дасягнулі такога ўзроўню выдавецтва, пра які нашы продкі не маглі і марыць. Штогод выдаецца больш за 8 тыс. кніг агульным тыражом каля 19 млн экзэмпляраў. Выдаецца шмат газет і часопісаў, тысячы людзей - пісьменнікаў, друкароў, журналістаў - працуюць, каб родная мова гучала і развівалася", - акцэнтаваў Марат Маркаў.
XXXII Дзень беларускага пісьменства прымае Ліда. Райцэнтр гэтымі днямі ператварыўся ў літаратурную сталіцу, якая прыцягвае творчых людзей і аматараў кнігі. У гэтым годзе свята роднага пісьменства прысвечана 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама 500-годдзю першай беларускай друкаванай кнігі - "Апостала" Францыска Скарыны.-0-
© Галоўнае ўпраўленне культуры гомельскага аблвыканкама, 2025.