Старшыня абласнога выканаўчага камітэта Іван Крупко ўручыў заслужаныя ўзнагароды лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага
09.09.2025
Узнагароджанне прайшло ў рамках сустрэчы кіраўніцтва Гомельскай вобласці з замежнымі і беларускімі дэлегацыямі – удзельнікамі «Славянскіх літаратурных дажынак».
Іван Крупко падкрэсліў, што «Славянскім літаратурным дажынкам» сёлета дваццаць гадоў, яны сталі культурным брэндам і адлюстраваннем творчага патэнцыялу пісьменнікаў Беларусі і Расіі, а празаікі і паэты выконваюць важную гуманітарную і духоўную місію:
– Нам важна застацца нацыяй, якая шмат чытае, бо гэта адзін з найважнейшых фактараў забеспячэння дзяржаўнай бяспекі. Мова і літаратура застаюцца падмуркам у выхаванні высокіх маральных якасцяў, фарміраванні грамадзянскасці. Гомельшчына ва ўсе часы славілася літаратурнымі талентамі, і ў эпоху наймацнейшага інфармацыйнага супрацьстаяння каштоўнасць вашага слова высокая, як ніколі.
Менавіта пісьменнікам пад сілу данесці да сучаснікаў праўду пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, адзначыў кіраўнік рэгіёна. А гэта важна, каб не страціць духоўную веру, гістарычную памяць і падсілкаваць агульныя карані славянскіх народаў.
У намінацыі «Проза» прэмія прысуджана Мікалаю Дзямчыхіну за твор «Хлапчукі становяцца ў строй».
У намінацыі «Публіцыстыка і літаратурная крытыка» – Алегу Ананьеву за нарысы «Азарычы. Чорныя зоры».
У намінацыі «Дзіцячая літаратура» – Наталлі Шэстаковай за твор «Дзе гулялі «Чаравічкі»?».
У намінацыі «Адкрыццё года» – Аляксандры Крупадзеравай за твор «Казачныя канікулы».
Творы лаўрэатаў прэміі прысвечаны Вялікай Айчыннай вайны і 80-годдзю Перамогі, вызваленню вязняў Азарыцкага лагера смерці. Казкі апавядаюць пра прыгоды сяброў, сустрэчы дзяцей з міфічнымі істотамі, пра сяброўства і ўзаемадапамозе.
Аб хлапчуках, якія ўключыліся ў партызанскі рух, расказвае аповесць Мікалая Дзямчыхіна.
– Гэтая тэма заўсёды будзе для нас вечнай, важна яе перадаць падрастаючаму пакаленню. Штуршок да напісання майго твора даў Герой Сацыялістычнай Працы, кавалер ордэна Чырвонай Зоркі Хурсан Васілій Мікалаевіч, які працаваў на «Гомсельмашы» і часта расказваў, як ішоў на вайну. Дапамаглі і апавяданні сваякоў, – адзначыў аўтар.
Да ўдзельнікаў урачыстасці звярнуўся старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч:
– Зараз многія спрабуюць аслабіць сяброўства паміж нашымі народамі. Але мы робім усё, каб гэтага не дапусціць. Братэрства славянскіх народаў не можа быць прададзена. Мы працавалі, працуем і будзем працаваць на карысць нашай вобласці, нашага Палесся, роднай Беларусі, а таксама дзеля нашага сяброўства.
Сустрэча пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы з губернатарам прадоўжылася за круглым сталом, у рамках якога літаратары змаглі задаць пытанні Івану Крупко і падзякавалі за захаванне літаратурных традыцый, рэканструкцыю існуючых і адкрыццё новых мемарыялаў. Гаварылі таксама пра ўраджай, сусветную палітыку і работу з моладдзю.
У падзяку і памяць аб сустрэчы намеснік адказнага сакратара Сакратарыята праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі па рабоце з творчымі аб'яднаннямі Васілій Дварцоў уручыў Івану Крупко Ганаровую грамату арганізацыі.
© Галоўнае ўпраўленне культуры гомельскага аблвыканкама, 2025.