Бібліятэчная дзейнасць

Бібліятэчная сетка Гомельскай вобласці

Бібліятэчная сістэма галіны

Сетка публічных бібліятэк вобласці ўключае 23 установы, якія маюць статус юрыдычнай асобы (414 бібліятэк). Працягнулася работа па аптымізацыі: за 2025 год сетка скарацілася на 8 бібліятэк.

Сукупны аб’ём бібліятэчнага фонду налічвае 6 691,4 тыс. экз. дакументаў, у фонды бібліятэк паступіла 171,1 тыс. экз. розных відаў дакументаў. Паказчык абнаўлення фондаў складае 2,6 %.

На базе бібліятэк рэгіёна працуе 84 публічныя цэнтры прававой інфармацыі, у якіх абслужана 7,6 тыс. карыстальнікаў.

З мэтай кампенсацыі культурнага дэфіцыту ў аддаленых і маланаселеных пунктах і забеспячэння агульнадаступнасці публічных бібліятэк у 18 раёнах Гомельскай вобласці (85,7 % ахопу) дзейнічае 121 маршрут бібліебусаў. Колькасць населеных пунктаў, якія абслугоўваюцца мабільнымі бібліятэкамі ў Гомельскай вобласці, складае 515 вёсак, дзе пражывае 31,8 тыс. чалавек.

Публічныя бібліятэкі Гомельскай вобласці працягваюць сваё развіццё не толькі як інфармацыйныя, але і як культурныя цэнтры рэгіёна, адкрытыя для ўсіх катэгорый насельніцтва, дзе кожны жыхар можа атрымаць неабходную яму інфармацыю. Для карыстальнікаў рэгіёна ў 2025 годзе былі праведзены мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю лепшых узораў айчыннай і замежнай літаратуры, патрыятычнае, духоўна-маральнае, экалагічнае выхаванне падрастаючага пакалення, фарміраванне здаровага ладу жыцця, збор краязнаўчых матэрыялаў па традыцыйнай культуры, пра людзей і падзеі, што пакінулі след у гісторыі свайго раёна.

У справаздачным годзе Гомельскай абласной бібліятэкай быў рэалізаваны выставачны праект «Гомельшчына партызанская», створаны паводле аднайменнай кнігі, выдадзенай у 2025 г. рэдакцыяй газеты «Гомельская праўда». 

У сёмы раз адбыўся Фестываль кнігі #ЧЫТАЙГОМЕЛЬ, які стаў адной з пляцовак V Форуму медыйнай супольнасці Беларусі «Медыя сёння: фокус на праўду» і быў прысвечаны важнай для кожнага беларуса даце – 80-годдзю Вялікай Перамогі.