Галоўная // Актуальна

У Жлобіне ўшанавалі памяць вядомага земляка – беларускага пісьменніка Аляксандра Капусціна

13/02/2025
У Жлобіне ўшанавалі памяць вядомага земляка – беларускага пісьменніка Аляксандра Капусціна

12 лютага, жлабінчане ўрачыста адзначылі 101-ю гадавину з Дня нараджэння знакамітага земляка, ураджэнца вёскі Старая Рудня, ганаровага грамадзяніна Жлобінскага раёна, беларускага пісьменніка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра КАПУСЦІНА (1924–1996), паведамляе раённая газета "Новы дзень".


З гэтай нагоды ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Н.К. Крупскай адбыліся чытанні «Я вам дару цяпло сваёй душы», прысвечаныя жыццю і творчасці Аляксандра Пятровіча.


– Аляксандр Капусцін быў закаханы ў сваю родную Жлобіншчыну, верыў у яе будучыню і працаваў дзеля яе, – адзначылі вядучыя мерапрыемства – бібліятэкары ЦРБ імя Н.К. Крупскай Вольга Шынкевіч і Яўгенія Махкамава.



– Наша задача – захаваць памяць пра Аляксандра Пятровіча Капусціна, – падкрэсліў начальнік аддзела культуры райвыканкама Вячаслаў Паборцаў.


Напрыканцы 1990-х гадоў тагачасным Жлобінскім гарвыканкамам і Гомельскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі была ўстаноўлена літарутурная прэмія імя Аляксандра Капусціна. Яе лаўрэатамі ў розныя гады станавіліся вядомыя пісьменнікі – Васіль Ткачоў, Валянціна Кадзетава, Міхась Сліва (Кавалёў), былыя рэдактары Жлобінскай райгазеты «Новы дзень», краязнаўцы Павел Кірычэнка і Пётр Шутаў, цяперашні галоўны рэдактар газеты Галіна Мельнікава, сама газета, Стараруднянская сельская бібліятэка, Жлобінскі гісторыка-краязнаўчы музей, іншыя.


Сёння былі названы новыя лаўрэаты – сааўтары кнігі «Жлобін чыгуначны» (Жлобін. ГП «Тэхнічная кніга». 2023–2024) ветэран аховы здароўя, у мінулым галоўны ўрач Жлобінскай вузлавой бальніцы, ганаровы чыгуначнік БЧ, бізнесмен, краязнаўца Алег Попчанка, патэнтны павераны Рэспублікі Беларусь, краязнаўца Барыс Мінееў і журналіст, супрацоўнік газеты «Новы дзень», краязнаўца Мікалай Шуканаў (ён таксама лаўрэат данай прэміі за 2018 г.). Гэтае выданне не ведае аналагаў у Беларусі.



Алег Попчанка адзначыў:


– Я не мог не напісць гэтую кнігу. З чыгункай, Жлобінскай вузлавой бальніцай, звязаны лепшыя гады майго жыцця. Галоўныя героі кнігі – людзі, якія шмат гадоў працавалі на чыгунцы. Многіх з іх я ведаў асабіста. Сярод іх начальнік лакаматыўнага дэпо, а затым кіраўнік гарадской адміністрацыі Уладзімір Ерафееў, і простыя людзі, напрыклад, столяр і станочнік Станіслаў Міхайлоўскі, стаж якога на дарозе 56 гадоў! Шмат удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, пра якіх ёсць задумка напісаць асобную кнігу.


Аб тым, як стваралася гэтая кніга, таксама расказалі Барыс Мінееў і Мікалай Шуканаў.



Выступілі лаўрэаты прэміі імя Аляксандра Капусціна мінулых гадоў Пётр Шутаў і Юлія Андросава. Ад імя калектыву бібліятэкі новых лаўрэатаў павіншавала дырэктар згаданай установы культуры Таццяна Яновіч.



Свой верш, прысвечаны Аляксандру Капусціну, прачытала вучаніца СШ № 2 Дар’я Шкрадзюк. Музычныя нумары падрыхтавалі выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў № 1: вакальны ансамбль «Ліра» пад кіраўніцтвам Алены Марозавай і салістка Аліса Гваздзянская.


Сёння на магіле Аляксандра Капусціна (на могілках у Жлобіне) ад улад і грамадскасці раёна былі ўскладзены кветкі.






да спісу навін